Кафедра дызайну
Дызайнер — адносна новая прафесія, але яна мае багатую спадчыну, звязаную з праектаваннем працэсаў узаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, фарміравання цэласнай і гарманічнай прадметнай прасторы. Лепшыя прыклады беларускай сялянскай і гарадской культур, вопыт іх аптымізацыі, тонкае адчуванне працэсаў у сусветным мастацтве сталі асновай для станаўлення беларускага дызайну.
У 1965 годзе на кафедры інтер’ера і абсталявання была распачата падрыхтоўка па спецыялізацыі мастацкае канструяванне; на яе аснове ў 1967 годзе была створана кафедра прамысловага мастацтва. Кафедра пайшла па шляху фарміравання своеасаблівай методыкі падрыхтоўкі спецыялістаў, заснаванай на сукупнасці прынцыпаў навуковай, мастацкай і тэхнічнай творчасці.
Пашыраецца спектр накірункаў, па якіх рыхтуюцца будучыя спецыялісты. У цяперашні час кафедра ажыццяўляе падрыхтоўку па наступных спецыялізацыях: дызайн сродкаў вытворчасці і транспарту; дызайн вырабаў бытавога спажывання; дызайн віртуальнага асяроддзя; экспазіцыйны дызайн.
Выпускнікі кафедры, а іх ужо больш за 750 чалавек, паспяхова працуюць у народнай гаспадарцы і мастацтве Беларусі, складаюць аснову Беларускага саюза дызайнераў і ўмацоўваюць навуковапедагагічны патэнцыял краіны.
На кафедры працуюць загадчык І. Казюлькоў; прафесар Т. Шусцярняк, дацэнты кафедры А. Длатоўскі, Ю. Жуцяеў, С. Кучаравая; старшы выкладчык Л. Талбузін, выкладчыкі А. Карабко, Г. Парафянюк.