Кафедра скульптуры
Кафедра скульптуры стала заснавальніцай беларускай акадэмічнай школы скульптуры. Яе першымі выкладчыкамі былі народныя мастакі Беларусі прафесары А. Анікейчык, А. Глебаў і А. Бембель. Першым загадчыкам кафедры стаў А. Бембель.
Кафедра рыхтуе скульптараўмастакоў, якія працуюць у станковай, манументальнай, дэкаратыўнай скульптуры, медальерным мастацтве. Асноўныя спецыяльныя прадметы: акадэмічная скульптура, акадэмічны малюнак, кампазіцыя, сінтэз выяўленчага мастацтва і архітэктуры, праца ў матэрыяле. У час летняй практыкі студэнты вывучаюць метады і тэхналогію фармоўкі ў гіпсе, працу ў матэрыяле (камені, дрэве, метале).
Практыка праводзіцца на розных базах: акадэміі, ліцейным прадпрыемстве, а таксама ў рамках рэспубліканскіх і замежных сімпозіумаў. У метадычны фонд кафедры адбіраюцца лепшыя акадэмічныя эцюды і кампазіцыі.
Дыпломныя работы, якія абараняюць выпускнікі Акадэміі, маюць характар закончаных акадэмічных твораў. Гэта выставачная, паркавая, манументальная скульптура, выкананая ў розных матэрыялах. Некаторыя з работ рэалізаваны ў камені або бронзе і ўстаноўлены ў горадзе.
Багаты і рознабаковы творчы патэнцыял, які дэманструюць беларускія скульптары на Радзіме і за яе межамі, — заслуга такіх выкладчыкаў кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, як лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь прафесар А. Арцімовіч, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР дацэнт Г. Мурамцаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь старшы выкладчык А. Дранец, дацэнт А. Фінскі, выкладчык С. Логвін, лаўрэат Ленінскай прэміі СССР архітэктар Ю. Градаў.
З 1989 года кафедру ўзначальвае дацэнт У. Слабодчыкаў.