Кафедра майстэрства акцёра
Кафедра заснавана ў 1946 годзе. Узначаліў яе вядомы дзеяч тэатральнага мастацтва, рэжысёр, драматург, народны артыст Беларусі прафесар Е. ДунаеўМіровіч, адзін з заснавальнікаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы.
У 1947 годзе на педагагічную працу ў Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут быў запрошаны заслужаны артыст РСФСР прафесар Б. Мардвінаў, які ў 1948 годзе ўзначаліў кафедру. У аснову прафесійнай падрыхтоўкі акцёрскіх кадраў ён паклаў творчыя і этычныя прынцыпы МХАТа.
Вялікі ўплыў на развіццё тэатральнай адукацыі ў Беларусі зрабіў адзін з карыфеяў нацыянальнага тэатра народны артыст Беларусі прафесар К. Саннікаў, які шмат гадоў працаваў акцёрам і рэжысёрам у тэатры імя Я. Купалы.
Значны ўклад у станаўленне кафедры ўнеслі Д. Арлоў, А. Яфрэмаў, Б. Платонаў, Л. Мазалеўская, В. Рэдліх, У. Маланкін.
У розныя гады на кафедры, якая значны час рыхтавала і рэжысёрскія кадры, працавалі вядучыя майстры тэатральнай педагогікі і беларускай сцэны: заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь А. Бутакоў, народная артыстка СССР А. Клімава, народныя артысты Беларусі А. Мілаванаў, Ю. Сідараў, З. Браварская, Л. Давідовіч, В. Раеўскі, Б. Луцэнка, А. Ляляўскі, Г. Волкаў, Л. Бржазоўская, У. Іваноў, Н. Гайда, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь І. Курган, кандыдат мастацтвазнаўства прафесар А. Шагідзевіч, дацэнты Б. Утораў, А. Андросік, Л. Сямашка.
У цяперашні час на кафедры працуюць: заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь дацэнт Л. Манакова (загадчык кафедры); народныя артысты Беларусі М. Кірычэнка і В. Саркісян; заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Крым З. Белахвосцік; заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Ф. Варанецкі, У. Мішчанчук, У. Грамовіч; заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі М. Кавальчык; кандыдат мастацтвазнаўства дацэнт Я. Громаў і іншыя.